1911 год
1911 год
1
Чытаючы «Нашу ніву», часта трапляецца пачуць шмат наракання на гарэлку, але, разгледзеўшыся, дык і каля нас вельмі самавіта з гэтым. Дзе ты ні кінься, куды ні ступі, усюды наткнешся на гарэлку. Прадае часам кабеціна парася, другая купляе авечку або цяліцу — п’юць барыш. Наймаюць чалядніка ці чалядніцу, а хоць бы і пастуха — барыш. Здарыцца к табе які госць, сваяк, добры знаёмы, дык чым жа яго ўгасціць? Гарэлкай! Трэба каму вазіць сена ці бярвенне — прыходзіцца спрасіць суседзяў і даць гарэлкі. Дасць каму Бог дзіцятка, спраўляе радзіны — трэба гарэлкі, хрэсьбіны — трэба гарэлкі. А на вяселле дык часам і кароўкі на гарэлку не хваціць. Ну, яшчэ на гэтыя патрэбы дык, можа, другі і скажа, што гэта тут падыходзіць, але на пахаронах, калі здарыцца ў каго нябожчык — ці стары, ці хоць бы толькі малое дзіцянё, дык і там без гарэлкі не абойдуцца людзі. Нядаўна ў нашым сяленні памерла адна наша суседка, і павэдленашага абычаю ўсе ідуць маліцца. Пайшоў і я. Пасярод хаты ў труне ляжыць нябожчыца. Каля яе, кругом стоячы, галасілі дзеці і дамовая сямейка. А на стале — крыж, гарэлка, грамніцы, бохан хлеба і дзве пляшкі манаполькі. I хто толькі прыходзіў, дык кожнага частуюць. «Нашто вы гэту гарэлку даяце?» — пытаю. «А што ж, — кажуць, — не дай гарэлкі, дык ніхто і дзвярэй не адчыніць, а што ж адзін зробіш? Трэба і дамавіну зладзіць, і дол выкапаць, і на могілкі занесці, а без гарэлкі гэтага не зробіш, бо ніхто не пойдзе». Як гэта нядобра, што ўсё за гарэлку робіцца.
А бывалі яшчэ і такія прыпадкі, як гэта было летась у Бандарах. Памёр гаспадар, дык яго кінулі аднаго ў хаце, а самі ў другім канцы давай гнаць «саматужку» з лікёру. Можа, ніхто аб гэтым і не даведаўся б, але неяк паехалі стражнікі, дык забралі і гарэлку, і ўсе іхнія інструменты.
А не давядзі Бог каму судзіцца, дык чуць-чуць не па ўсёй Беларусі такі звычай, што хоць гінь другі, а гарэлкай залівай усюды: старасту, панятых, старшыню, суддзяў, сведкаў і памагатарам не шкадуй гарэлкі, калі хочаш, каб справа выйшла. Аднаго пісара часам толькі гарэлкай не пагладзіш, бо яму ўжо трэба чаго лепшага [51].