III

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

III

Мой бацька быў чалавекам, які вырас у асяроддзі прыдворна-местачковым. Меў таварыскую натуру, што склалася як у дамашнім асяроддзі, так і ў кантактах са служылымі людзьмі графскага маёнтка, дзе працаваў кухарам яго бацька, пра якога ніколі нам не расказваў. Пасля смерці бацькоў як малалетак гадаваўся пад апекай цёткі Емільянскай. 3 самага дзяцінства меў вялікую цягу да кніжак. Самастойна навучыўся чытаць і пісаць, а пасля, ужо дарослым, актыўна набываў польскія і рускія кнігі і часопісы. Калі ж з’явіліся ў друку беларускія выданні, бацька імі вельмі зацікавіўся і заўсёды купляў і выпісваў.

Пачатак творчай працы яго датуецца знаёмствам з дзяўчынай, што стала нашай маці, якой прысвяціў нямала вершаў на польскай мове. На беларускай мове пачаў пісаць з часу абуджэння народнага руху.

Да жаніцьбы з маёй маці працаваў на гаспадарцы, якую пакінуў яму яго бацька. Пасля ж жаніцьбы, калі стала прыбаўляцца сям’я, бацька вымушаны быў паклапаціцца аб дадатковым заробку ў маёнтку графа Тышкевіча. 3 1894 года працаваў аб’ездчыкам, а праз некалькі гадоў стаў выконваць функцыі ляснічага ў маёнтках Тышкевіча на Валожыншчыне. У 1917 годзе бацьку перавялі служыць у Ашмяны, дзе працаваў ляснічым у тышкевічаўскіх маёнтках Ашмяны і Сужаны. Калі ж па гадах і здароўі не змог працаваць на ранейшай пасадзе, то стаў служыць касірам і рабіў ім да 1934 года. У тым жа годзе вясною пасяліўся ў Шашэльгішках на дзялцы, якую атрымаў за выслугу.

Мой бацька не быў чалавекам, аддадзеным толькі працы ў двары. Ён глыбока ўрос у беларускі народ, паходзіў з яго, разумеў яго і любіў. Размаўляў з людзьмі па-беларуску. Народныя звычаі, легенды, паданні найчасцей былі любімай тэмай размоў. Бацьку любілі, шанавалі ваколічныя сяляне, ганарыліся ім. Ён меў сувязь з усімі прылеснымі вёскамі. Заўсёды выступаў як блізкі чалавек, што адным раіў, другіх пераконваў, трэціх перасцерагаў. Вучыў, як лепш бараніцца ад бяды і гора.

У 1913 годзе выбухнуў пажар насупраць нашай хаты. Усе людзі выбеглі з царквы (было нейкае свята) і кінуліся ратаваць наш будынак, які ўжо зачынаў гарэць. Многа тады дамоў пагарэла, але наш, хоць з вялікай цяжкасцю, быў уратаваны. Бацька прымаў удзел у грамадскай працы. Арганізаваў пажарную службу, зборы пажарнікаў і іх вучэнне праводзіў сам. Меў уражлівую натуру. Не мог пагадзіцца з уціскам купцоў, таму арганізаваў некалькі суседзяў, і яны пад кіраўніцтвам бацькі бралі непасрэдна са склада некаторыя тавары і дзялілі іх паміж сабой без дадатковай аплаты. Адным з першых у той час бацька зразумеў значэнне кааператыўнай працы.

Бацька вельмі любіў коней. Дбаў пра іх выгляд і чысціню. Ён быў добрым хлебаробам і ўзорным гаспадаром. Запомніўся маёй сястры такі выпадак: аднойчы прынесла бацьку на поле сняданне; коні стаялі ў баразне, а бацька, абапёршыся на плуг, запісваў нешта ў сшытак. Незвычайна прыгожая прырода, асабліва самотны спеў жаваранка, натхнялі яго на пісанне вершаў. Гаспадарка ў бацькі была невялікая, і хоць служба забірала вельмі шмат часу, знаходзіў пару гадзін на працу ў полі, беручы нас у помач.

Сям’я наша была вялікая. Апрача бацькоў, нас васьмёра дзяцей (чатыры сыны і чатыры дачкі) і дзве бабулі. Усе дзеці закончылі сярэднюю школу, а старэйшы сын Станіслаў і малодшая дачка Крыстына атрымалі універсітэцкую адукацыю. Бацька ў адносінах да нас, дзяцей, быў добры, але патрабавальны. Прысвячаў нам крыху часу. На свята гуляў з намі ў мяч, расказваў казкі, чытаў нам творы свае і іншых паэтаў беларускіх.

Пісаў шмат. Натхняўся светам прыроды, рознымі сямейнымі здарэннямі, працоўнымі перажываннямі, успамінамі, вопытам знаёмых і менш знаёмых людзей. Ці ведаў бацька беларускіх паэтаў, ці сустракаўся і кантактаваў з імі — таго не знаю…

Мой бацька кепска адчуваў сябе, выехаўшы з Валожына, тое асяроддзе, у якім вымушаны быў жыць, не было яму па душы. Не меў там задушэўных сяброў, з якімі можна было б пагаманіць і пачытаць ім свае вершы. Апошнія гады ў жыцці бацькі былі цяжкія, бо ён вымушаны быў будавацца, але заўсёды быў у настроі і неаднойчы, калі мы прыязджалі на канікулы, сустракаў нас сваімі сімпатычнымі творамі. Пісаў амаль да апошніх дзён свайго жыцця.

Восенню занядужаў. Захварэў на запаленне лёгкіх. Памёр 30 верасня 1939 года. Пахавалі яго на сужанскіх могілках. На магіле паставілі вялікі дубовы крыж без надпісу…

На заканчэнне некалькі ўрыўкаў з вершаў бацькі, якія запомніліся:

Бо там смяюцца з нашай мовы

Капялюшныя галовы…

Нашы паны не так гуляюць.

Яны не па-нашаму пяюць,

Не нашу гутарку вядуць.

Наш брат, калі распусціць ногі,

Аж трэскі сыплюцца з падлогі

Тупне нагой, як перуном,

Аж пыл падымецца віхром…

18. XI.1967 г.