ПРЫГАВОР
ПРЫГАВОР
У валасное упраўленне
Стаў збірацца наш народ,
Бо тут, як на утрапенне,
Сказаў земскі сабраць сход.
Уперад дальшыя сяляне
Папрыходзілі таўпой,
А нарэшце і мяшчане
Прыцягнуліся парой.
Зборня поўна да парога,
Усе громка гаманяць.
Накурылі дыму многа,
Аж нічога не відаць.
Выйшаў земскі ды гавора:
— Трэба будзе вам зрабіць
Банчок сельскі, адкрыць скора,
Манаполькі ўсе закрыць.
На банчок трэба спачатку
Злажыць грошай адну часць,
А другую — наастатку.
Гэну, кажа, казна дасць.
Прадсядацеляў і членаў
Трэба будзе выбіраць,
А ўжо яны, каму трэба,
Будуць грошы пазычаць.
Банк зрабіўшы, ужо столькі
3 вас жыдкі не будуць драць,
А закрыўшы манаполькі,
Будзе п’янства уціхаць.
Зашумелі нашы брацця
I нарэшце загулі —
Як касец на сенажаці
Пырне ў купіне чмялі.
— Добра, — кажуць, — земскі радзіць:
Нас не будзе драць Аўсей.
Але ж, пэўна, не пагладзіць
Ані Сцёпка, ні Андрэй.
I папраўдзе тут прызнацца,
Што, бадай, ці не ва ўсім
3 жыдам можна меркавацца
Ці не лепей, як з сваім.
Хоць з вагой і мерай, самі
Знаем добра, нас дзярэ,
Пяньку і лён з канаплямі
За нішто у нас бярэ,
То яго ты, як скаціну,
Хоць у бараду наплюй,
А вот банкаўскаму чыну
Зрабіць гэтак паспрабуй!
Манаполькі, распіўныя —
Усё ліха, усё зло!
I тракціры, і піўныя —
Каб іх звання не было!
I крычалі усе людзі,
Той ахрып, а той спацеў.
Аж гукнулі: няхай будзе
Так, як земскі захацеў!
I ў той час па добрай волі
Распісаліся усе,
Што гарэлкі ніхто болей
Да губы не паднясе…
I падумаў бы хто, можа:
Люд там добры мае быць.
Але дзе! — барані божа! —
Яшчэ горай сталі піць.
Хоць так моцна наракалі
На папой гэны гаркі,
Манаполькі як прапалі —
Завяліся браваркі.