3

3

Няма дзіва, што ў Думе гавораць па сем гадзін аб гарэлцы, бо і ў нас, калі аб гэтым падумаць ды ўсё расказаць, дык і за сем дзён не даў бы рады. У нас ёсць дзве казённыя манаполькі, каторыя павэдлуг сваіх правоў і парадкаў не прадаюць гарэлкі ва ўсе святочныя і табельныя дні, ані ў той час, калі адбываюцца суды, сходкі і богаслужэнні. Дык гэта выглядае так, што ў гэты час не павінна быць зусім п’янства. Але куды там! Як толькі сход, суд ці святочны дзень, дык трудна прайсці за п’янымі. А дзе ж яны бяруць гарэлку, спытаеце? А ў нашых услужлівых мяшчан.

Нядаўна ў нас быў кірмаш на «масленую», дык нашы патайныя шынкары ёмка к яму прыгатаваліся. Але адкуль нанясло ліха вішнеўскага акцызніка. Ну, дык той вазамі вазіў гарэлку, узятую з хат. Але затое ўжо кірмаш быў такі ціхі і спакойны, што, мусіць, такога другога не было ніколі ў нашым мястэчку. Усе спакойна раз’ехаліся да хат, не было разбояў, і нідзе не відаць было п’яных людзей [53].