2

2

«Думаем за морам, а смерць за плячыма»

Павёў гаспадар каня паіць, а конь брыкнуў і падковай разбіў яму галаву[42].

«Праспаў бядак ногі»

Адзін хлапец, запаліўшы восець, лёг каля печкі пагрэцца дый так моцна заснуў, што і не чуў, як папёк сабе ногі. Калі давядзецца падлячыць яго, то ўсё ж такі астанецца бядак на ўсё жыццё калекай [43].

«Бядуй не бядуй, а за працу бярыся»

Сёлетняя зіма не вельмі цікавая і шмат каму ўжо далася яна ў знакі, бо да гэтага часу саўсім не было снегу і ездзілі ў калёсах; часта праходзіў дождж — вада вылівалася, замярзала, і рабілася тады страшэнная слізгота. Шмат пакалечылася коней і жывёлы.

Цяпер падсыпала крыху снегу, дык лягчэй будзе прывезці дроў з лесу дый сена з балоціны[44].

«Канец свету, бо не ўскрэсла прасвету»

Каля нас ходзяць чуткі, што сёлета будзе канец свету. Кажуць, што будзе ісці нейкая «камета з хвастом», каторая зачэпіць нашу зямлю і сатрэ яе ў парашок. Людзі старыя так кажуць: «Усім стала нягодна, цяжка жыць — хіба прыйдзе ўжо нейкі канец!» I праўда: няма дабра на свеце. Пайшла нейкая нянавісць: адзін аднаго ў лыжцы вады ўтапіў бы, адзін аднаго паляць, забіваюць; людзі парабіліся горш звяроў. Даўней гэтага не бывала, а цяпер дзень у дзень пачуеш: то на дарозе чалавека затаўклі, то на полі, то сам на сябе рукі налажыў. I канца няма — ажно неяк страшна робіцца…[45]