8

8

Лета ў нас было вельмі дажджлівае, і людзі баяліся неўраджаю, а некаторыя варажылі голад. Але пад канец стала пагода і ўсё збожжа добра пазбіралі — як жыта, так і аўсы, ячмені і льны. Бульбу цяпер капаць дык надта добра, бо яна сухая, без пяску, не так, як у мокрую восень, калі яе трэба выбіраць з гразі дый яшчэ студзіць у кулакі, бо часам бывае і мокра, і холадна. Хоць, праўду кажучы, каля нас на бульбу завідны год, у адных яе процьма, а ў другіх саўсім няма, а гэта дзеля таго, што адзін садзіў яе па высокіх месцах, дык таму і ўрадзіла, а другі па нізкіх, то ў яго і прапала. Збожжа то, каб не зграшыць, было добрае, сена маем зялёнае, і многа яго, канюшына толькі рэдка ў каго ёсць, бо яна нешта з зімы кепска павыходзіла. У нас усё наракалі, што кепскае насенне было, бо каля нас яе на насенне мала кідаюць, а купляюць па таргах, дык другі, купіўшы якой травы, рад, што танна, а тым часам после вырасце адзін верабейнік.

Хоць каля нас і ўраджай, але скаціна саўсім танная, затое дык мяса ў цане: фунт сала свінога 12 капеек, бараніны 10 капеек, масла 30 капеек, а гэта ж мястэчка![36]