4

4

Ужо трэцяя нядзеля, як пайшоў дождж, і кожны дзень ён усё сыпле, а вельмі патрэба пагоды, бо ўжо каля нас многа травы людзі панакашывалі, і яна мокне ў вадзе, а некаторую дык і зусім вада панесла. Найбольш накошана ў маёнтку Вішнева графа Храптовіча-Буценева; ва ўрочышчы Улавіна скошана дзесяцін са 300, ды ўсё на вялікай нізіне, і калі яшчэ гэтак будзе, дык усё прападзе.

Уночы з 23 на 24 юня быў пажар і згарэла тры дамы яўрэйскія і адзін хрысціянскі; казённая манаполька тры разы загаралася, але яе неяк загасілі, толькі гарэлка вельмі паглумілася, бо яе шмат патаўклі, а рэшту немаведама куды павыносілі. Яно бы, мусіць, гэтым не кончылася, бо надта вялікая гушча будынкаў, і быў добры вецер, але шчасце, што сажалка была пад носам з вадой, і людзі хутка сабраліся і вельмі добра ратавалі. Агонь пачаўся з хлева разніка Перскага з невядомай прычыны — кажуць, нехта падпаліў [32].