ПРАДАЎ
ПРАДАЎ
Паглядзеўшы, дык, здаецца,
Не найгорш у нас жывецца,
А прызнацца, даліпан,
Усюды лгарства ды абман.
I не трэба многа рыцца,
Каб шукаці ды дзівіцца.
Паслужыць можа цяпер
Хіба гэтакі прымер.
Пры сталіцы люднай, спорнай,
На зямліцы жырнай, чорнай,
Між узгоркаў і раўнін
Там пасёлак быў адзін.
У тым пасёлку зухаваты
Дык селянін жыў багаты,
Бо ячмень хвацка радзіў.
Не найгорай дзядзька жыў!
Меў скацінку, грошай, хлеба
I ўсяго, чаго патрэба.
Ды сказаўшы акурат,
Быў той дзядзька скупават.
А прымаўка ёсць, мой браце,
Што скупы два разы траце.
Дык і з ім, сказаць, падчас
Так бывала іншы раз.
Раз было вось так аднака:
Укарміў ён падсвінака,
Як бы гэта вам сказаць,
Пудоў шэсць, а можа, пяць,—
Нібы вылепіў із цеста.
I павёз яго у места,
Спадзяваўся дзе, відаць,
Вельмі дорага прадаць.
А хацеў за свінку гэну
Ды трайную узяць цэну.
Таргаваў другі, глядзеў,
А купіць то не хацеў.
Прастаяў так торг, і годзе!
Аж пад вечар падыходзе
Да тавару сябра чыст,
Кажа: «Буду арганіст
I даўно хаджу па рынку,
Для ксяндза шукаю свінку.
Ваш тавар мне па душы,
Дайце зробім барышы».
I уміг, зараз без мукі
Перабілі ў торгу рукі.
«А па грошы сходзіш, Вашць,
Да касцёла — ксёндз аддасць.
Тож не дома, а ў дарозе:
Паляжыць свінчо на возе.
Мы з Вашэцяю уміг
Сходзім разам удваіх».
I вандруюць да бажніцы.
Ажно там у спавядніцы
Ксёндз вікары, дабрадзей,
Спавядаў сваіх людзей.
Пастаяўшы у народзе,
Да ксяндза ён падыходзе.
Стаўшы ціха пры акне,
I на вуха шапяне
Ды з вачэй пускае слёзкі.
Кажа: «Я з далёкай вёскі,
Тут дурнога брата меў
I да спозедзі прывеў».
I як там стаяў з ім радам,
Адступацца узяў задам
I убіўся у народ
I з касцёла ды у ход!
Ксёндз па сябра паглядае.
Бачыць, нешта ён міргае,
Дык гамоне: «Ну, кленцай!»
А той кажа: «Грошы дай!»
«Што за грошы?» — ксёндз пытае.
А той зноўку паўтарае.
Кажа: «Войча, не круці,
А за свінку заплаці!
Не патрэба было слаці
Арганістага купляці,
А так стаў, не варажы,
Толькі грошы палажы».
Здагадаўся ксёндз: ці чулі,
Хіба жулікі надулі!
«Вашэць, дык скарэй ідзі
I ці конік ёсць, глядзі».
Той на двор ў вялікім руху,
Ажно свінкі ані духу.
«Сябра» як упаў ў агонь.
Шчасце, што астаўся конь.