Рыгор Семашкевіч
Рыгор Семашкевіч
Няма болей сарамяжлівага інтэлектуала, глыбокага натурай Грышы, аднагодка нашай Перамогі. Смерць забрала інтэлігентна-рашучага Рыгора, якога паважалі і непрыхавана пабойваліся намнога старэйшыя за яго і ўзростам, і, калі можна так сказаць, стажам у літаратуры. Думка ягоная была пільная, прадбачлівая, руплівая, вынашаная пад сэрцам і ўзважаная розумам, а таму і непахісная, вогнетрывалая. Прысуд свой таму ці іншаму твору ці літаратару даваў спакойна, сцішаным голасам, але сурова, пераканаўча, неабразліва.
Застаўся Рыгор Міхайлавіч Семашкевіч, застаўся ў памяці, у літаратуры, у нашай культуры, на карысць якой шчырэў як мала хто ў наш час з ягоных і аднагодкаў, дый са старэйшых. Застаўся выкладчык універсітэта, які вёў семінар па паэзіі, заўсягды сумуючы, што мала чаго можна ўзяць на ўзор пры разборы сучаснай прадукцыі. Ціха гаварыў, са смуткам гаварыў, нібы баючыся спалохаць нешта вялікае ў нашай паэзіі, якое яму здавалася на падыходзе.
Застаўся дасведчаны літаратуразнаўца са сваімі працамі «Браніслаў Эпімах-Шыпіла», «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе». Застаўся ўдумлівы і дасціпны, дакладны на радок і водгульны ў часе на думку паэт, застаўся артыстычны эсэіст, празаік, тонкі гумарыст і ўедлівы сатырык Рыгор Семашкевіч.
Рыгор Семашкевіч умеў як ніхто іншы мысліць маштабна, мысліць гістарычнымі пластамі, мысліць усім комплексам культуры. Ён быў інтэлектуальнай, ён быў духоўнай адзінкай, асобай, якіх так не стае нашай літаратуры, нашай культуры. Як у свой час, у нашым пакаленні Міхась Стральцоў, так у пакаленні Яўгеніі Янішчыц, Алеся Жука, Вольгі Іпатавай, Юркі Голуба Рыгор Семашкевіч ствараў атмасферу разумення прадстаўнікамі свайго пакалення сябе ў часе, у гісторыі, разумення сваёй неабходнасці ў сучаснасці, у няспыннасці руху. Дзякуючы Рыгору Семашкевічу пакаленню памянёных паэтаў і празаікаў лягчэй было пазбыцца вучнёўства, роздумнай замаруджанасці, а паспяшацца стаць творцамі, якія нясуць адказнасць за свой час, за сваю эпоху, за пасляваенную ў год перамогі рунь.
Ён быў надзвычай скупы на пахвалу і сам рашуча не цярпеў якіх бы там ні было кампліментаў у свой адрас, не дазваляў, каб яго пахлопваў па плячы нават прыжыццёвы геній.
У нашай роднай літаратуры і культуры шмат апостальскіх фігур. Рыгор Семашкевіч з гэтай кагорты!
1986