Вечна. Крынічна. Зорна

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Вечна. Крынічна. Зорна

Мы замаўчалі, каб перадумаць усё, што сказаў Ты, дасведчаны і адукаваны, непрымірымы і даверлівы да безабароннасці рыцар з замка дабрыні і спагады, мудрэц і наіўны пасляваенны аршанскі падлетак. Ты ведаў як мала хто шмат, Ты штохвіліны імкнуўся даведацца яшчэ.болей, дапасці да сутнасці, да першавытокаў сэнсу ўсяго нашага вокамгненнага зямнога бытавання — жыцця.

Мы замаўчалі, бо замаўчаў Ты, столькі недавыказаўшы, столькі недарабіўшы на сваім неспасціжным самай смелай чалавечай уяве займішчы. Абсяг усяго зробленага Табою можа толькі ашаломна ўразіць звычайнага смяротнага. У дзесятак тамоў не змесціцца толькі напісанае Табой, а колькі ж было задумана, вынашана, выбалена!

Падчас Цябе папракалі, што мала пішаш на сучасную патрэбу, на шырспажыў, што ўвесь Ты ў гісторыі. Ды, відаць, болып слушна было б назваць «гістарычнымі» тыя аднадзёнкі пэўных пахоплівых калег, якія назаўтра ўжо робяцца архаічнымі, бо іх забываюцца адразу ў той жа дзень.

Ты прывучыў чытача думаць, расці, уздымацца да Тваёй відушчай думкі, глядзець на гісторыю Тваімі вачыма. Ты стаўся акрасай нашага прыгожага пісьменства, «прыўкраснага», як Ты любіў гаварыць. Ты вучыў цэлыя пакаленні, і малодшых і старэйшых. Адных на пачатку іхняга жыццёвага шляху запрашаў глядзець далёка, напсрад, другіх прымушаў азірацца на пражытае, на зробленае імі. Шматмільённы чытач жыў Тваімі творамі, чакаў кожнай Тваёй новай рэчы, як чакаюць хіба толькі цуда ў наш даволі прагматычны век.

Любая літаратура можа сказаць, што яна багатая і сталая, калі мае свайго Уладзіміра Караткевіча. Ты пісаў як дыхаў. Сваім асабістым прыкладам творцы паказваў узор служэння Радзіме, Народу, Мове. Далёкі ад марнай сумятні, ад дробязных страсцей, з кнігай і шчодрым сэрцам прыйшоў Ты на свет, каб пакінуць свету кнігі свае, па-беларуску шчырыя і па-караткевічаўску рамантычна-незамутненыя, ранішнія. Кнігі Твае чыталіся, чытаюцца і будуць чытацца, бо яны напісаны як бы навырост. Тыя, хто прыйдуць на зямлю ўслед за намі, будуць зайздросціць нам як Тваім сучаснікам, Тваім перша-чытачам.

Ты стварыў у літаратуры нашую гісторыю, стварыў нанова нашае мінулае. З Тваёй лёгкай рукі вякі загаварылі з намі як добрыя субяседнікі, цікава і даходліва.

Ашчадныя літары почырку Твайго, па-настаўніцку ўборыстага, па-вучнёўску разборлівага, змушалі паважліва глядзець на іхняга сейбіта. Сапраўды, белае поле, чорнае насенне... А сеяў не скупа, а сеяў старанна. Праз усс жыццё. I ўзыходзіла адгукліва ў цэлым свеце.

Вершамі Ты ўваходзіў у літаратуру, вершамі правяраў, як і блізкі па духу Табе Максім Багдановіч, ці «пырснуць іскры з халодных каменняў». Першая кціга Тваёй паэзіі нарачона была Табой глыбінна і крэўна — «Матчына душа». Гэта імя стасавалася з Тваёй задушэўнай думкай і ўдзячнымі традыцыямі нашага паэтычнага слова. Кнігу паэзіі, якую ўжо не вычытаеш уважліва ў карэктуры, Ты назваў тэстаментна, нібы прадчуваючы сваё развітанне з наступнымі сваімі чытачамі: «Быў. Ёсць. Буду». Праўдзівы Майстра, чысты, як сляза, Паэце, Ты ёсць, Ты будзеш! Вечна. Крынічна. Зорна.

Дазволь, дарагі Дружа, слова сваё мне закончыць радкамі ў вянок жалобы па Табе, у вянок працягу Твайго жыцця ў сэрцах, удзячных Табе:

Здаецца нам, што вечныя сябры,

I ў нашай аднадзённасці штодзённай

Злагоджана глядзім з свае нары,

I ўласны цень

Нам ледзьве не іконай.

Гарым,

Як тыя снегіры ў галлі,—

Пагаслы сорам леташняга снегу.

Мы ўсё спяшаем — нам няма калі,

Мы ўсе ва ўладзе

Стрэсу, спеху, бегу.

I падступае злыбяда сама,

I смутак смела ў вочы пазірае.

Мы клічам сябра,

А яго няма,

Яго чакае ўжо зямля сырая.

Хто асцярогу не любіў пасці,

Каго любіла доля ветравая,

Той чалавек,

Што быў цяжкі ў жыцці,

Хадзіў на вайстраках

I па асці,

У нябыт па кветках

Лёгка адплывае.

Нам робіцца самотна неўпрыкмет,

Сыходзім

З мітуслівай каруселі.

Хацелі думкай ахапіць Сусвет,

А сябра да канца не зразумелі.

1984