Рука, пададзеная светлай раніцы

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Рука, пададзеная светлай раніцы

Радасць паўней адчувае, ведаючы ёй сапраўдную цану, чалавек, які піў гора і каўшом і нагбом паводле прымаўкі. Дый радасць шчыра давяраецца душы чыстай, спагадлівай, спакутаванай.

Скамячу, як снежку,

Радасць я сваю

I шпурну з усмешкай

Сённяшняму дню.

Радасць юнака, каму векапомны Кастрычнік расчыніў дзверы ў навуку, у творчасць, асаблівая. Гэтай радасцю сын былога парабка хоча дзяліцца з усім светам, гуляць у снежкі з новым, разняволеным днём, бо

Дзень мне ўсміхаецца,

Ён такі, як я.

Маладнякоўцы, а з імі і паэт Станіслаў Шушкевіч, асвойвалі горад, вучыліся разумець сябе саміх і сяброў. Сялянскім дзецям у ружовым святле бачылася ўсё. Нага, абутая ў бот, помніла і халадок расы, і калючую золь замаразкавай каляіны, рука, што так-сяк трымала аловак ці самапіску, не забылася ні тапарышча, ні цапавільна. Маладому паэту здавалася, што «аваднямі разгудзеліся аўтамабілі», нагадаўшы пра паўдзён, пра гіз.

Менавіта радасць адчування навакольнага пранёс праз усё жыццё Станіслаў Шушкевіч. Радасць крамянага беларускага радка, радасць свежай рыфмы, радасць «неспадзяванага верша».

I яшчэ адно пачуццё збярог у душы сваёй паэт, хоць у часе сцюдзёных паўночных вандровак здавалася яму, што «...нарадзіўся толькі дзеля таго, каб вечна знацца з лесам і полем, дажджом і снегам, вятрамі і навальніцамі», збярог любоў да роднай зямлі і да мовы продкаў. Любоў гэтая і сілы надавала, і веру мацавала. Толькі вочы, якія звыклі вясёла свяціцца, калі на душы смылела, улюбёна ўглядаліся ў паўночныя краявіды, не забываючы свае, дзе ў «...ціхай маляўнічай мясцовасці 19 лютага 1908 года ўпершыню пацалавала мяне мая маці Ружа Вінцэсеўна Доўнар». Заўважце, у невялікім слове «Пра сябе» праз паўвека прыгадвае паэт не проста дату нараджэння, а дзень, калі ўпершыню пацалавала яго маці. I ў гэтай маленькай, здавалася б, дэталі, у гэтым ціхім штрышку таксама характар Станіслава Шушкевіча, чулага да ўсяго і да ўсіх. У першую чаргу пра сяброў клапаціцца звык ён. Таму і столькі ўспамінаў напісаў, не забыўся ніводнага дня нараджэння таварышаў, якім лёс не доліў дажыць да самых першых круглых датаў.

Губляю з кожным годам я сяброў

I добра ведаю, што век і мой кароткі,

Але ж пакуль яшчэ пульсуе кроў,

Жывуць у памяці калегі-аднагодкі.

I гэта не дэкларатыўныя радкі. Гэта жыццёвы клопат паэта — успамінаць, напамінаць, шукаць, прымушаць наноў гучаць забытыя імёны. Кон, пры ўсёй ягонай суровасці, наканаваў прадоўжыць век сяброўскай памяці, каб жыў і гаварыў паэт і за тых, хто замаўчаў заўчасна.

Імёны мармур захавае на вякі,

А ў сэрцы — захаваюцца да смерці,

Бо выпаў лёс сябрам маім такі,

Што іх з жыцця не вырваць і не сцерці.

Маладнякоўцам, белаппаўцам Станіслаў Шушкевіч шукаў непаўторнае слова ў нетрах роднай мовы, а ў сталым узросце ў геалагічных партыях і экспедыцыях шукаў на Поўначы рэдкасныя металы, поклады руды. Але

Здавалася, што расціраю попел на далоні,

А гэта ж быў метал нязвыклай пекнаты.

Бо паўсюль, верны парыванню маладосці, шукаў і знаходзіў паэт сяброў і старых і новых. Азяблая Муза ў снягах паўночных паслала яму пяро белых журавоў. Сустрэча з імі, як сцвярджаюць тунгусы, рэдкае шчасце.

Зняў рукзак паспешліва ў палатцы,

Нібы скарб, у рукі ўзяў пяро.

Мне здалося, што жыву ў палацы,

Цёплая пасцель. Яда. Дабро...

Выняў нож. Пяро як след надрэзаў,

У чарніла памакнуў і ліст пішу...

Толькі добра пагібеўшы на суравеях, можна зарыфмаваць выключна па-беларуску палатку з палацам. I цёплая пасцель, і яда — не ад нячысціка! Дарэчы, толькі беларускае вуха можа пачуць на «ветразь» рыфму «летась»...

Памяць паэта вяртаецца да заўсёды блізкіх дзён маленства, дзе незабыўнымі прысмакамі

На акне луста хлеба і кубак з вадзіцай...

Ці ж забудзецца гэта хвіліна цяжкая, матуля!

Разламалі з сястрою мы хлеб і так снедалі смачна,

На паліцы знайшлася пякучка-цыбуля.

Я расінку ў сястрыцы на вейках убачыў.

Гэта раса, бліснуўшы слязой, нагадала паэту былое. I ў памяці прачынаецца Ангара, калі на рэках беларускіх уладарыць крыгалом.

Зашумела рака — і таросы на бераг ірвуцца.

Ангара прачыпаецца. Крыгі ідуць.

У рыбацкай малепькай хаціне-халупцы

Непакоіцца бабка старая, не можа заснуць.

Аніводнай паводкі не праспала ніколі,

Шмат іх — ціхіх, і шумных, і бурных прайшло.

I бярэ яна хлеба акраец і жменечку солі

I па бераг ідзе, апіраецца зломкам-вяслом.

Хлеб кідае ў раку. Прыпадае к зямлі на каленях:

— На, матуля, вазьмі! — I глядзіць яна ў цемень вады...—

Асятры і сцярлядкі, шчупакі і таймені

Пасылай ты ў поплаўні нашы, сакі, невады!

Старая абапіраецца на зломак вясла. Даўняя маладосць помніць свае хрыбталомныя хвалі, вольную роўнядзь вясны.

Як успамін радасці, паэту

Грукаюць колы —

Едуць балаголы.

Едуць па выбоістым гасцінцы.

Бачу, як пабеглі дзве слязіны долу,

Бачу дзве слязіны ў маці на хусцінцы.

Чаму цытую гэтыя два вершы, дакладней, урыўкі з іх? Яны мне гучаць голасам паэта. Чытае свае вершы Станіслаў Шушкевіч да гэтага часу гучна, выразна, з непрыхаванай радасцю, як чалавек, што змаўчаўся, засумаваўся па родным слове, па аўдыторыі, дзе слухачоў удзячных шмат. Адсюль і слова-ахвочасць паэта ў гутарках з сябрамі, знаёмымі — нібыта наноў адшукаў іх, баіцца зноў расстацца.

Вымаўляе паэт кожны гук з пашанлівай асцярогай, поўна, утрапёна, нібыта наноў вучыцца крэўнаму, незабытаму, што ўсплывае з гадоў маленства, з прадоння вякоў Беларушчыны.

Пра ягонае ўмельства захапіць дзіцячую ўвагу, пра ягоныя хрэстаматыйна-дакладныя дзіцячыя вершы трэба казаць асобна і грунтоўна. Многія вершы з кніжак перавандравалі назаўсёды ў памяць малечы, якой дорага беларускае слова. Нават такі патрабавальны крытык і аўтар першага высокамастацкага і высокапрафесійнага «Буквара», як Анатоль Клышка разам з узорамі народнай творчасці ўзяў да таго буквара вясёлыя, цікавыя на вынаходную думку радкі Станіслава Шушкевіча. Ды і самі назвы паэтавых зборнікаў кажуць за сябе — «Колькі кіпцікаў у кошкі», «Барадаты камар», «Ліса з магнітафонам».

Часта ловіш сябе на тым, што, бачачы ў сшытку нечую двойку, міжволі чытаеш Шушкевічавы радкі: «Танцавалі ў сшытку кляксы ад чарніла і ад ваксы, танцавалі, прысядалі, двойку ў сшытак запрашалі».

Як аўтар вясёлых вершаў, казак Станіслаў Шушкевіч хоча перадаць радасць сваю дзецям, змене нашай разам з любоўю да роднага ўсяго, да беларускага.

Любіць Станіслаў Шушкевіч, чалавек душэўнай шчодрасці, дзяліцца з субяседнікам і радасцю зведанага, пазнанага. Яна сама вырываецца ў яго, фраза: «А ведаеце... А ведаеце...» I тут будуць успаміны і парады, каламбуры і лірычныя радкі. I ў шмат якіх вершах праганяе паэт ад сябе бабулю старасць. Маладосці радкоў ягоных і маладзейшыя могуць пазайздросціць. Ну хіба не светла, не па-юнацку:

Там, дзе засень над ракою гнуткіх дрэў,

Паляшаначку чарнязую сустрэў.

Вылівала з чоўна светлую ваду,

Да яе нясмела, ціха я іду.

Апусціла белы карац на зямлю,

Я іскрынкі ў вачах яе лаўлю.

Светлай вадой маладосці ўмыўся паэт, вярнуўшыся дамоў з сіберных вандраванпяў, памаладзеў душой.

Кукуй, зязюля шэрая, кукуй,

Лічы не леты, а мае дарогі!

Я светлай рапіцы падаў ужо руку

I свету расказаў пра боль мой і трывогі.

1983