Паэзія дарог і сустрэч

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Паэзія дарог і сустрэч

У светлым гарнітурчыку, адпаведна са святочным настроем, ён ішоў з пяцікурснікамі ў першамайскай калоне універсітэта. Раней бачыў яго на фотаздымках у літстаронках, здалёку каля інтэрната па Бабруйскай вуліцы, якая на памяць ведала, дзякуючы прарэзліваму голасу вакзальнай дыктаркі, расклад прыгарадных цягнікоў да станцыі Уша.

Першае наша блізкае знаёмства адбылося ва ўрачыстых абставінах.

Пасля былі будні, як чорна-белае кіно. I дагэтуль памяць выхоплівае паасобныя кадры з імклівай стужкі часу.

З вёскі, дзе настаўітічае, прывозіць Ул. Нядзведскі сваю цікавую, дынамічную паэму «Вясновыя барозны». Паэма друкуецца ў «Маладосці», яна ж і дае імя першай кніжцы, што выходзіць неўзабаве. З традыцыйнага Ул. Нядзведскага паэт робіцца Уладзіславам. Потым ён не раз упікаў рэдактуру часопіса і выдавецтва, што з шэрых барознаў зрабіла найбольш абкатана-традыцыйныя. Усміхаючыся, казаў: барозны вясной шэрыя, з туманковым дымам, з крыламі жаўрукоў. Толькі для тых, хто заседзеўся за рэдакцыйным сталом, барозны безаблічна вясновыя.

Уладзіслаў пераязджае ў Мінск і працуе адказным рэдактарам сельгасперадач на тэлебачанні. Неўладкаванае і цеснае жытло недзе ў раёне сельгаспасёлка. Працуе шмат, ездзіць — таксама. Адным з першых уздымае пласты (прытым самыя глыбінныя) вершаванага рэпартажу. «Будні салігорскія» пачынаюцца падкрэслена-задзірлівымі радкамі:

Я шчыра кажу: не першы,

Не першы і не апошні

Палез я, сябры, па вершы

У пыл і ў пясок дарожны.

Рэпартаж перарос рамкі жанру. Пайшоў шырока і меў самы прыязны водгук і ў чытачоў, і ў герояў рэпартажу, і ў крытыцы. Згадваецца, як з непрыхаваным гонарам заўважаў Уладзіслаў, што па салігорскім радыё і ў будні, і ў святочныя дні гучаць ягоныя радкі пра беларускіх шахцёраў.

I хоць рэпартаж вось гэты

Шахцёрам я шлю сягоння —

Баюся: мяне да лета

У працы яны абгоняць.

Баюся, што ўсё спачатку

Пісаць давядзецца зноўку...

Рэдактар! Стаўляй пячатку

На новую

Камандзіроўку!

I былі новыя паэмы — «У лясной старане», «Другая сустрэча з шахцёрамі». I ставіў яму пячатку на сустрэчу з дарогамі, з людзьмі, дакладней, благаслаўляў у шлях галоўны рэдактар «Маладосці» Пімен Панчанка, якога Уладзіслаў паважаў і любіў надзвычайна яшчэ з часоў вайны. Пасля ў аўтабіяграфіі напіша: «Чаму пачаў пісаць вершы — не ведаю. Помню, што вельмі запаў у душу твор Пімена Панчанкі «Балада пра Міколу Сасноўскага», які я знайшоў улетку 1943 года ў лесе ў нейкай газеце, скінутай з самалёта...»

Наогул, пра партызанскае маленства, пра жахі вайны, пра дзіцячы дом Уладзіслаў Нядзведскі пісаў асабліва пранікнёна, асабліва пашанліва. Дзіцячы зборнік так і называўся «Сто братоў і сясцёр», аповесць таксама пра дзетдом — «Хлопцы з другога корпуса».

У доме дзіцячым я кожнай сцяне

Складаць абавязан паэму.

Таму, калі час толькі вольны знайду —

Збіраюся у падарожжа!

Да хлопчыкаў ноччу з вакзала іду,

I кожны уступіць мне ложак.

Гэта радкі з верша «Дома». Дзіцячы дом выхаваў у паэта абвостранае пачуццё калектывізму, сяброўства.

У новай, таксама малой жыллёвымі метрамі кватэры Уладзіслава па вуліцы Астроўскага было заўсёды ўтульна для гасцей. Вузенькі пакойчык, дзе ледзь мясціўся стол і пад стол сарамліва хавалі ногі крэслы, гаспадар з гумарам называў «купэ Берлін — Масква». Шмат каму давялося ехаць у гэтым «купэ».

Генадзь Кляўко — аднакурснік Уладзіслава, Ігар Краўчанка — мастак, скульптар (дарэчы, ён у 1961 годзе рабіў помнік у раёне Хорастава, дзе быў дадзены першы партызагіскі бой на тэрыторыі Савецкага Саюза 27 чэрвеня 1941 года, на дарагім і родным Уладзіславу Палессі), Іван Бурсаў, якога гаспадар называў старшым братам і які шмат пераклаў Уладзіслава Нядзведскага на рускую мову, былы партызан, і баявіты журналіст, і перакананы халасцяк Алесь Траяноўскі.

Калі зараз праходжу каля гэтага дома, робіцца трывожна. Тады нам і сталасць, і старасць здаваліся адцягненымі філасофскімі паняццямі. Тады далёка было да цяжкой зімовай труны па вуліцы Яна Гамарніка, да кватэры, што стала апошнім прытулкам для сябра.

Асабліва застаўся ў памяці Уладзіслаў Нядзведскі ў паездках, іх і злічыць цяжка. З кожнага падарожжа прывозіў паэт новыя вершы, матэрыялы рэдакцыйнага заказу. Трэба было бачыць яго радасць, калі даведаўся ён, выхаванец Мікашэвіцкага дзіцячага дома, што ў мясцінах ягонага маленства знойдзены паклады граніту.

Яму на лістку календара ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», дзе працавалі апошні час разам, напісаў я вясёлае прывітальнае чатырохрадкоўе:

Не ўцвялюся ў перапалку,

Хай што хоча крытык менціць,—

Я стаяць вучыўся змалку

На гранітным пастаменце!

Пра пастаменты тонкі майстра гумарэсак не думаў. Але ўпартая працавітасць ягоная недзе была блізкай да гранітнай цвёрдасці. А душа была лірычнай, балючай, успрымальнай. Далёка не поўнае выбранае, што выдадзена ў 1976 годзе, адкрывае фотаздымак Уладзіслава Нядзведскага ў ласкавым бярэзніку. У зімовых бярозах чаканне вясны, чаканне зялёнага лісця.

Уладзіслаў Іосіфавіч Нядзведскі не дачакаўся свайго пяцідзесятага ліпеня — забрала зіма, вайна забрала праз столькі год. З намі засталася паэзія дарог і сустрэч!

А ты між трох бяроз

На фотаздымку даўнім.

Сябе ані бярог,

Свой смутак перадаў мне.

На раздарожжы спраў,

Дзе ўпэўненасць звякуе,

Лёс

З трох дарог абраў

Зімовую, цяжкую.

Не сам сабе заслаў

I гэты ложак мулкі.

Быў шчодры, УладзІслаў,

Лёс для цябе на мукі.

Аслеплая яна,

Апошняя шраціна —

Зноў мачаха-вайна

Гняздо асіраціла.

Навыразаў дубцоў,

Адбыў сваю радоўку.

Узыдзе зноў і зноў

Атавісты радок твой.

1979