Паспрыяй, удача!..

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Паспрыяй, удача!..

Папаўненне беларускай паэзіі традыцыйна ідзе за кошт вёскі. Гэта ўвогуле традыцыя вякоў і ўсёй сусветнай паэзіі. Прырода ў канчатковым выніку фарміруе першародны позірк на свет, на людзей, на дабро і зло. Але калі раней паэты нашыя ішлі адразу ва універсітэт на філалагічны факультэт, дык апошнім часам, а гэтае пацвердзілі і семінары маладых, паэты, перш чым узяцца за пяро, штудзіруюць хімію і фізіку, працуюць на чыгунках, на палях, дапамагаючы хлебу надзённаму хутчэй прыйсці на стол.

Віктар Шніп якраз з той кагорты апошняга закліку ў нашай паэзіі, якая ведае працу не па распавяданнях, а канкрэтна сваімі рукамі адчувае, як растуць мазалі. Яму 24 гады, выдаў зборнік вершаў «Гронка святла», падрыхтаваў новы. Працуе цесляром на будоўлях Мінска. Нарадзіўся на Валожыншчыне, непадалёку ад калыскі нашай паэзіі Вязынкі. Расказваў неяк, што падлеткам захацеў паглядзець на Янку Купалу, ніяк не верылася яму, што Янка Купала памёр. Пайшоў адзін, не заблудзіў, і кожны дзядзька ў Вязынцы здаваўся яму дзядзькам Янкам, так у народзе завуць Янку Купалу, так называлі класіка роднай паэзіі і пры ягоным жыцці.

У маладым узросце правільны накірунак узяў будучы паэт — на класіку!

Працуючы цесляром, Віктар адчувае канкрэтную сувязь з лесам, які для яго і сам будаўнічы матэрыял, і пабуджалыты матыў вершаў. У радках маладога паэта шмат традыцыйна беларускага — пагоркі, ручаі, аралля, жыта ў каласах, сцяжынкі, што абавязкова вядуць дадому, да бацькоўскага парога. Але ён бачыць, як «якуцкія вавёркі коцяць сонца ў Беларусь», разам з казахам радуецца хмурынцы ў засуш, заўважае, як літоўскія сваты цалуюцца з ягонымі землякамі, а на іхніх грудзях медалі цалуюцца таксама. На спяцоўцы ў дзядзькі Колі, як бурштын, залаціцца жывіца.

А піла Віктара перагукваецца з пілой за сцяной, пілой вясёлай. Вецер гаспадаром падмятае яшчэ не здадзены дом, які расце разам з маладым рабочым. Светла плача Віктарава маці — яна сплятае ў вянкі цыбулю, быццам бы заплятае косы сваім дочкам. У Віктара ёсць нешта ад паганскай павагі да агню: то ён садзіць куст агню каля гаю, то агонь варыцца ў печцы, то вогнішчу невясёла расцецца. Паэт кажа, што ў яго ў вёсцы жыве радня — клён з бярозаю.

Вершы Віктара Шніпа можна параўнаць хіба з толькі што выкапанай бульбай, халаднаватай ад зямлі, якая яшчэ не абражана пакупніцкім, прыцэненым позіркам, не знеаблічана стандартнымі авоськамі, яна свежая, яна патрэбная, яна не прысмакі заморскія, а паўнапраўная гаспадыня стала.

Ад вершаў Віктара Шніпа — нібы ад толькі што распілаваных дошак — пах лесу, яны яшчэ нібы ў смале, яны яшчэ не зняважаны нівеліроўкай лаку і фарбы, яны яшчэ самі па сабе.

Віктару Шніпу яшчэ шмат трэба шукаць, знаходзіць, спасцігаць, але яму, рабочаму чалавеку, пе звыкаць працаваць. I сваё пажаданне поспехаў маладому калегу хачу закончыць словамі вялікага рускага паэта Сяргея Ясеніна: «Кожнай працы паспрыяй, удача!»

1984