Сіла дабраты

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Сіла дабраты

Маёй любові рэчку

Не перайсці нікому,—

не заяўляе, не абвяшчае паэт, а ўпэўнена падкрэслівае, паўтарае самому сабе. А рэчка гэта незвычайная. Яна імя сваё бярэ з сівых паганскіх туманоў. Імя яе гучыць у неўміручым «Слове пра паход Ігаравы». Гэта рэчка Дзіва. Яна ў жураўліны клін лучыць як не ўсе рэчкі азёрнай, баравой, крынічнай стараны, дзе «...жарабя цікаўнае ў крыніцы На месяц наступае капытом», «...зара задумліва ў прыполе Выбірае промні з каласоў», дзе ўсё яшчэ па-хатняму «Убіўся лось у стог паснедаць», дзе ласкава грэюць душу «Завушніцы на тонкім галлі I радзімкі на белай бяросце», а «Ластаўкі снуюць над полем нізка, Быццам сесці хочуць на плячо». Старана гэтая завецца Ушаччынай — калыскай трапяткога радка Петруся Броўкі, ратнага слова Васіля Быкава, балючай песні Еўдакіі Лось. Часта змяняўся адміністрацыйны падзел Віцебшчыны. I ў выніку тры раёны спрачаліся, як за Гамера некалі гарады, за паэта — Бешенковіцкі, Вульскі, Ушацкі, бо вёска Слабада якраз на мяжы раёнаў. А перамог Ушацкі раён, Ушаччына стала роднай хатай першых і сталых вершаў паэта.

Сяргей Законнікаў — імя гэтае даўно знаёма тым, хто цікавіцца паэзіяй, хто любіць беларускае шчырае слова. Вершы Сяргея Законнікава з беларускім характарам, а гэта значыць — яны глыбінныя і задушэўныя, сціплыя, але не ніцачолыя, яны прызнаюць толькі існае і сапраўднае і не прымаюць усё паказное, павярхоўнае. А паэзія ў самым адказным значэнні гэтага слова — працяг, адбіццё характару яе стваральніка. Характар жа Сяргея Законнікава ад роднай зямлі, ад гераічнага партызанскага краю. З малечых год паэту імёны славутых палкаводцаў і партызанскіх камандзіраў, такіх, як Даватар, Лабанок, Дуброўскі, былі, што называецца, хатнімі, роднымі. Нават хата аднаго з Даватараў стаяла побач з хатай бабулі Сяргея па матчынай лініі. Пасля бабуля ўспамінала, як перад вайной Леў Даватар прывозіў у падарунак вяскоўцам хусткі. У часе вайны маці Сяргея Валянціна Фёдараўна была сувязной у брыгадзе Мельнікава (можа, і сустракаліся там калі сувязная і радавы брыгады — мой бацька). А матчын бацька Хведар працаваў кавалём на Пуцілаўскім заводзе, удзельнічаў у грамадзянскай. Маці ў мірныя дні вяла пачатковыя класы. I ён злічыць ёй, колькі ўдзячных выхаванцаў у свет праводзіла.

Гэта вачыма маці-настаўніцы бачыць паэт вясновы свет:

Зямля ў сукенцы беленькай

Бяжыць на выпускны.

Бацька Іван Васільевіч на фронце быў зенітчыкам, а пасля вайны нязменны дырэктар: пабудуе адну школу, будуе наступную. Як той цыган, вандраваў па Віцебшчыне, пакуль не давандраваў да Глыбачкі. Тут, у Глыбачцы, блізкай суседкі Ушач, дырэктар стварае альманах «Узлёт», дзе багата матэрыялаў краязнаўства, вершаў, апавяданняў. Аж трое Законнікавых — Сяргей, Валеры, Вольга змяшчаюць ва «Узлёце» свае творы. Трос з пяцёх дзяцей Івана Васільевіча. Але літаратурныя заняткі ў вольны час, а асноўнае — сямейная політэхнізацыя. Самі валілі лес, самі тралявалі, самі па мазалях на руках навучыліся адрозніваць шархебель ад фуганка, гэблік ад барана. Самі будавалі бацькоўскую хату. Задоўга да ўсіх пастаноў дырэктар Глыбачанскай школы Іван Васільевіч Законнікаў ведаў, што трэба рабіць, каб маладая змена любіла зямлю, ведала цану хлеба, каб каранілася ў роднай глебе, а не перакаці-полем кулялася ад вярбоўкі да вярбоўкі. Доўгі час вучоныя шукалі магілу Фелікса Тапчэўскага, а знайшоў надмагільны камень і дату нараджэння пісьменніка гэтым удакладніў Іван Васільевіч Законнікаў.

Чаму так даволі падрабязна спыняюся я ў сваім слове пра маладзейшага сябра і земляка на фактах біяграфіі, на не дужа пакручастай, як ва ўсіх беларусаў, радаслоўнай. Паэзія Сяргея Законнікава трываецца сваімі каранямі, сваімі вытокамі. Факты біяграфіі, факты жыцця паэт імкнецца абагуліць, узняць да вышынь паэзіі праўдзівай. I ён мае пра што сказаць і ўмее як сказаць. Памяццю суровых дзён паэт заклікае:

Павагу і добрае слова

У нашыя мірныя дні

Давайце вучыцца нанова,

Як хлеб у блакаду, цаніць!

Сам паэт умее цаніць і добрае слова, і павагу. Паэзія Сяргея Законнікава даверліва-спавядальная, яна спавядаецца Айчыне, родным нябёсам, землякам. Па-высокаму перагукваюцца, напрыклад, радкі беларускага паэта з класічнай японскай паэзіяй (помніце: «У краі маім любым цвіце чароўнай кветкай і дзікая трава»):

I таму здаецца дзіўнай краскай

Лебяда ля сцежкі палявой.

Кожны радок Сяргея Законнікава напоўнены пахамі, вятрамі, сіверамі Ушаччыны.

I добра мне ісці сцяжынкай

Ці каляінай палявой,

Крывінкай кожнага і жылкай

Злівацца з роднаю зямлёй.

(Толькі ўслухайцеся ў багата-асацыятыўнае гучанне рыфмоўкі: ісці сцяжынкай-крывінкай кожнаю і жылкай!)

I нават бусел на Ушаччыне не зусім традыцыйны. Паэт, які шмат павандраваў па свеце, па дарогах і сцежках свайго краю, добра адчувае радасць крылатага вестуна вясны, прымярае дарогі ягоныя да сваіх:

Прынёс у дзюбе бусел сонца

I пыл заморскі з крыл абтрос.

(Так і адчуваеш, як лёгкае «л» у слове «пыл» спадае з навярэджанага, цвярдога «р» «крыл».)

Імгненні замілавання засланяюць хмары трывог нашага свету, бо

У кулаку, як жаўранка-падлётка,

Заціснуў сэрца неспакойны век.

У партызанскім краі мірныя дні не могуць ніяк звыкнуць да цішыні.

Знасіліся вайсковыя мундзіры,

I ў бацькі зарубцована спіна.

А тут яшчэ не падпісалі міру,

А тут ідзе маўклівая вайна.

I партызаны, і салдаты надзвычай чуйна адчуваюць кожны рух небяспекі, неспакою:

Бліскавіцамі успыхне неба —

I адчуе сейбіт — ён салдат.

Паэт сказаў гэта і пра бацьку, і пра суседзяў, пра мужчын, якіх нягуста адшкадавала вайна.

Прыгадваецца, як чытаў па памяці вершы Сяргея Законнікава сакратар парткома саўгаса «Глыбачаны» Леанід Жаўранак ля возера Лінец (ліні некалі вяліся, да павалыіай хімізацыі). Гэтае ж беларускае прозвішча з чыста ўшацкай агаласоўкай і на пліце мемарыяла «Прарыў», дзе партызаны прабіліся праз смяротныя абцугі блакады. I адна з паэм Сяргея Законнікава так і называецца «Прарыў». Жыццё мае працяг, адолеўшы скон. I ў хвіліны роздуму над імгненнасцю нашага зямнога гасцявання паэт хоча:

Хай радок узаўецца над полем

Жаўранкам, як не стане мяне...

Глыбачка. Роднае гнездзішча паэта. I глыбіня азёр, адно з якіх так і завецца Бяздэннае, і часцінка ад вялікай глыбы скупога ворыва, шчырых бароў, глыбы неба, якое паўсюль з табой, тваё, бацькоўскае, прадонна-бясхмарнае. Сюды дарогі павагі, захаплення прыводзілі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Генадзя Бураўкіна, многіх нашых паэтаў, пабрацімаў Сяргея Законнікава. А ў бацькі паэта клопат пра лясы, якія каранямі ўсыхаюць, пра возера, якое не шчадзяць браканьеры, успаміны пра брата, паэта паслярэвалюцыйнага закліку Сяргея Ракіту. Здаецца, што чуеш тут і голас Петруся Броўкі, які высока цапіў паэтычны і чалавечы талент Сяргея. Добрая броўкаўская шырокая інтанацыя гучыць у радках маладзейшага таварыша:

Ну, што ж, і сёння ненадоўга,

А толькі сэрцам акрыяць.

А ўсё-ткі добра, ах, як добра

Сярод сваіх палёў стаяць.

Лепей за ўсё вывяраюцца вершы на праўду і на глыбіню на мясцінах, дзе япы напісаны, на людзях, пра якіх вершы гавораць. Да гэтага не магу забыцца, як уразілі радкі, як натуральна прагучалі яны ў саўгасным клубе Глыбачкі, калі чытаў Сяргей Законнікаў сваім землякам пра іхнюю і сваю аднавяскоўку:

Над могілкамі дзень сінее,

Як васілёк маёй віны.

Пад крыжам цётка Паланея

Сніць вечна хату ў тры акны.

Свет не заўважыў гэтай страты,

Не азірнуўся па бягу...

А перад кім я вінаваты,

Што памяць, як страху, залатаць,

Відаць, ніколі не змагу?

Адчуванне віны, абавязку перад людзьмі прысутнічае ў паэзіі Сяргея Законнікава, узвышаючы і робячы зразумелымі словы самабытнага паэта. Не дае пра сябе забыцца і адчуванне, што

Прыйшла пара вучыцца простай мове

Лясоў і птушак, Ветру і травы.

Кажучы навуковападобна, героі паэзіі Сяргея Законнікава — людзі працы, спрадвечныя хлебадары. Новы час, новая тэхніка, а матулін клопат як і ў сівой даўніны. У прыпар камбайнер зазірнуў дамоў.

Заўтра зноў не будзе у адгуле,

Рэха ад матора загудзе...

Мые маці сынаву кашулю

У пагрэтай сонейкам вадзе.

I сонца спрыяе маці, і яно клапоціцца злеціць ваду. I добра, што не традыцыйна зарыфмаваў паэт кашулю (звычайна: матуля — кашуля). У слове «адгул» пэўная адзнака часу.

Радасць і смутак, надзея і сумненне жывяць думку паэта, не даюць заспакаенню заняць покуць увагі.

Прыляці, сініца ўдачы,

Сум на смак пакаштаваць,—

запрашае паэт і разам з тым жыве надзеяй:

I маю шчаслівую падкову

Конь яшчэ не скінуў з капыта.

Чытаеш паэзію Сяргея Законнікава і згаджаешся з ім:

Ёсць, відаць, у зямлі на паэтаў патрэба,

Бо ніхто іх не сеяў, а шчодра ўзышлі...

У жыце жыцця і паэзіі колас таленту Сяргея Законнікава буйны, поўны чыстых зярнят любові, трывогі, веры.

Я ў сілу жорсткасці не веру,

Я веру ў сілу дабраты.

Сіла дабраты і робіць будзённае слова Паэзіяй!

1985