Чвэртка веку

Чвэртка веку

Часопісу «Маладосць» — 25. Амаль столькі ж гадоў было пасляваеннаму пакаленню беларускіх літаратараў, якія ў такім узросце атрымалі вышэйшую адукацыю і, не шкадуючы ні сябе, а часам і чытача свайго, узяліся за пяро. Дваццаціпяцігадовых называюць яшчэ людзьмі маладога веку. Наша «Маладосць» маладая не толькі сваім аўтарскім актывам, але і сваім дапытлівым і ўчэпістым позіркам у сённяшні дзень, сваімі клопатамі пра маладое пакаленне, пра маладую змену грамадства, літаратуры, мастацтва.

Падкрэсліваю слова наша. Бо з гэтым самым папулярным у самага патрабавальнага маладога чытача часопісам сапраўды звязана наша маладосць, нашыя маладыя творчыя парывы.

Сённяшні сталы юбіляр у поўным росквіце сіл, у добрай спартыўнай форме. А яго я помню ценькім, танненькім часопісам, які бралі мы, пачаткоўцы, аблогай далікатна, але ўпарта. У першым ягоным рэдактары Аляксеі Кулакоўскім уражвала нас падкрэсленая акуратнасць на ягоным рабочым стале — у строгім парадку ляжалі стосікі паперы, акуратненька завостраныя аловачкі. Дый сам ён быў, нібы для прыкладу нам, акуратным, пунктуальным. Гарнуўся ён да маладых, заходзіў нават у інтэрнат універсітэта на Бабруйскай вуліцы, і нам, каму пашанцавала надрукаваць па адным ці два вершы ў «Маладосці», крыху нязвычна было бачыць яго ў галёшах і — тады яшчэ не ў модзе — з парасонам.

Шчаслівымі лічылі сябе тыя, каму выпадаў светлы лёс паехаць на канферэнцыю «Маладосці», на сустрэчу з чытачамі. У такіх паездках душой калектыву быў заўсёды Алесь Асіпенка. Гомельшчына, Магілёўшчына, Брэстчына, Віцебшчына і, вядома, Мінск і яго блізкія і далёкія ваколіцы — вясёлыя дарогі, цікавыя гутаркі, прыгоды. Новыя радкі, вершы, задумы прыязджалі з намі з такіх незабыўных, афіцыйна кажучы, мерапрыемстваў. Асабліва ўразілі ў адзін з першых прыездаў у Віцебск вуліцы і ўцалелыя з вайны завулкі, пра якія расказваў, якімі вадзіў нас Алесь Асіпенка, прыроджаны віцяблянін, якому ў грозныя гады давялося асабліва добра вывучыць горды горад Віцебск як падпольшчыку, як партызанскаму разведчыку.

Трэба адразу зазначыць, што «Маладосці» на рэдактараў, увогуле, шанцавала. Ды гэта і натуральна. Чалавек, які не любіць маладых, не цікавіцца іхнімі справамі і запатрабаваннямі, наўрад ці ўзваліць сабе на плечы нялёгкі клопат рэдагавання неспакойнага часопіса.

Усім, каму са школьных год запалі ў душу радкі аднаго з найцікавейшых і рэдкіх па самабытнасці паэтаў, прыемна было ўсведамляць, што твае вершы будзе чытаць, ухваляць ці адхіляць сам Пімен Панчанка! Сапраўдным святам і добрым урокам была кожная гутарка з прызнаным і любімым паэтам. Мне нават выпала правесці з ім ледзь не ноч на вакзале ў Віцебску, чакаючы цягнік,— Пімен Емяльянавіч па дэпутацкіх справах ехаў з Наваполацка (тады яшчэ ён называўся то Нафтабуд, то пісаўся Нова-Полацкам).

Пра сённяшняга стырнавога «Маладосці» нават заўвагу сказаць язык не павернецца, бо гэта мой і даўні сябра, і зямляк, і аднакурснік.

Здаецца, зусім нядаўна паказваў Генадзь, як разводзіць рукамі загадчык аддзела паэзіі, любімы ўсімі маладымі і тады, і зараз Мікола Аўрамчык: «Я вазьму, а Пімен...»

Шкада, што ў пагодныя дні юбілею няма з намі Івана Юльянавіча Раманоўскага, першага мастацкага рэдактара часопіса, таго, хто гуртаваў вакол сябе мастакоў, хто штодзённа дбаў пра афармленне «Маладосці», пра таленавітую змену майстроў пэндзля. Пляменнік вялікага паэта славянскага свету Янкі Купалы, Янка Раманоўскі шмат зрабіў, але, на жаль, болей яшчэ не паспеў. Гэта ён ездзіў і ствараў галерэю партрэтаў лепшых людзей рэспублікі разам з Верай Палтаран, з Уладзіславам Нядзведскім, са Сцяпанам Кухаравым. Была ў Янку Раманоўскім купалаўская шчодрасць, шчырасць, шырыня натуры.

Не буду пералічваць усіх, хто выйшаў у літаратуру са старонак «Маладосці», хто кім стаў, хто кім стаць мае намер. Тут ёсць пагроза некага не ўпамянуць, некага паставіць не ў тым парадку, у якім ён бачыць сябе ў спісе амаль што класікам. Нагадваю толькі аднаго пісьменніка, які са старонак «Маладосці» пайшоў у вялікую літаратуру, чыё імя добра вядома ва ўсім свеце — гэта Васіль Быкаў.

Прыгадваю паездку з таленавітым фотамайстрам Аляксандрам Сяргеевічам Дзітлавым на будаўніцтва Бярозаўскай ДРЭС. Гэта было заданне рэдакцыі, яго я па маладосці год і выканаў у вершаванай форме, у жанры рэпартажу.

Пачынаў я свае ўспаміны з рэдактараў, каб падкрэсліць, што толькі ў добрым, дружным калектыве добрыя рэдактары. I, адпаведна, пры добрым рэдактары калектыў адменны. Так, калектыў, ці каштарысна,— канкрэтна — штат у «Маладосці» з першых дзён на зайздрасць зладжаны.

Згадаю некаторых.

Не страціў камсамольскага настрою і творчай актыўнасці Сцяпан Іванавіч Кухараў — загадчык самага актуальнага аддзела нарыса і нубліцыстыкі, сам напісаў аповесць, піша новую.

Былы малады аўтар «Маладосці» Янка Сіпакоў памагае чытачу праз аддзел крытыкі разабрацца, што добра, што не зусім у кніжным моры.

Намеснікам галоўнага стаў Алесь Жук — малады ўзростам, але сталы сваім самабытным талентам празаік.

Дый рост у былых загадчыкаў аддзела прозы дай бог кожнаму: Іван Пташнікаў узначальвае прозу ў «Полымі» (сам як празаік характарыстык не патрабуе), Іван Навуменка — дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР.

Намеснік галоўнага Васіль Зуёнак сам стаў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка».

З лёгкай рукі Міхася Стральцова ў родную літаратуру прыйшоў багаты атрад празаікаў.

А Леанід Дайнека з аўтара «Маладосці», добрага паэта зрабіў смелую вылазку ў прозу. Некалі сам думаў, як завярстаюць ягоныя вершы, а зараз ён адказна сакратарыць.

Калі Валянцін Ждановіч у бліжэйшых нумарах дасць фотарэпартаж з космасу, з нейкай новаадкрытай планеты — не здзіўлюся.

Баючыся зацягнуць свае згадкі і меркаванні, хачу пажадаць «Маладосці» і калектыву яе ў першы напаўкруглы юбілей да стогадовай даты пісаць, бачыць, думаць па-маладому!

1978