Мой лес — мой лёс

Мой лес — мой лёс

Так і здаецца, у зялёнай кроне заблытаўся вясновы задзірысты вецер. Залётны віхор так і глядзіць сагнуць непаслухмяныя галіны, а яны, упартыя, шумяць незалежна і горда. Гэта на іх адпачывае стомленае сонца, гэта ім радыя птушкі, вяртаючыся з выраю ў родныя мясціны.

Не выпадкова ў беларускай мове лес і лёс амаль аднолькавыя па накрэсленню і блізкія па гукавому рэху: лес, лёс. Здаецца, на пакатае плячо літары «ё» прыселі дзве прыдарожныя сіваваронкі, каб «е» загучала, як «ё», каб лес стаў лёсам.

А ў лёсе нашага краю, нашага народа лес адыграў немалую ролю. Лес шматаблічны, шматрукі. Лес — працаўнік, лес — кармілец, наш лес — партызан, надзейны дом народных помснікаў і Беларусі, і Украіны ў гады Вялікай Айчыннай.

А яшчэ лес — казачнік, самы гасцінны дах усім персанажам фальклору, вуснай народнай творчасці, што каранямі сваімі ідзе глыбока ў сівое паганства.

Шчодры лес заўсягды вучыў даверлівай дабрыні. Безабаронны сам, ён абараняў і людзей, і ўраджай іхні.

Цёмны лес вучыў пісьмоўству, асвятляў лучынай незайздроснае жытло продкаў, грэў, адаграваў, сам згараючы, у лютыя маразы. А колькі яшчэ пераводзіцца паперы, на якой чорным па белым падкрэсліваецца неабходнасць абароны зялёнага сябра, а папера якраз плоць ад плоці ягонай драўнянай.

Лес з незабытных часін быў пасрэднікам паміж небам і зямлёй. Карабельныя сосны. Мачтавыя сосны. Гэта яны зводзілі фантазію за бегкі далягляд, рабілі яе акрылена-рэальнай.

Майму пакаленню, чый лёс апаліла вайна, лес шуміць трывожна і сурова, з чырвонай стужкай світання здаецца лес партызанам — нездарма наўскасы на шапцы чырвоная паласа.

Лес бараніў у блакаду. Лес карміў у галодныя гады. Лес лёг сценамі хат на яшчэ не астылыя пажарышчы.

Непадалёку ад маіх родных Ушач — сталіцы партызанскага краю — узвышаецца мемарыял «Прарыў». Памяць блакады. Помнік народным помснікам, іхняй мужнасці, іхняй волі і трываласці. Гэта і помнік блакаднаму лесу.

Лес — зялёная калыска нашай паэзіі. Лепшыя радкі падказаў ён майстрам слова ўсіх пакаленняў.

Лес увесь у прымаўках, у прыказках, крылатых выразах. Лес нейкім чынам трымае ўзровень грунтовых вод нашай паэзіі, паэзіі, чые карані глыбока народныя.

Лес дзівосны суразмоўнік. Умее ён і слухаць. У лесе ўсе дрэвы гавораць адначасова, не заглушаючы адно аднае, адрозніваючы галасы сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў. Людзям яшчэ шмат чаму трэба вучыцца ў зялёнабародага прафесара, чыя галава ў зоры ўпіраецца, а ногі заўсягды адчуваюць родную глебу.

Беларускі лес мае сваё аблічча, свой голас, сваю манеру шумець і думаць. Асабліва абапал дарог ён выразна партызанскі: фашыстоўскія акупанты пад корань высякалі нават кустоўе абапал дарогі. Страх перад партызанамі быў сапраўды фантастычны. Нездарма ў партызанскай папеўцы спявалася, што Гітлер шалёны пудзіцца пават букета, баючыся, як бы ў ім партызан не замаскіраваўся. Ды чым старанней страх агаляў і кустоўе, і падлесак, тым гусцей лес рос, тым болей пагрозлівей шумеў па начах няпрошаным гасцям. I сёння абапал дарог малады мірны лес даганяе ацалелых ветэранаў.

У лесе няма аднолькавых дрэў, тут ніколі не сумна. Лес цікавы любой паравінай года.

Радасны ад клопатаў лес увесну. Улетку працуе, дбаючы пра зіму. Як сівінка ў верасовай барадзе, увосень прабіваецца самоцінка. Узімку лес засяроджана-летуценны, ён услухаецца ў свае думы, аглухлы і чуйны, як Цыялкоўскі.

Свой лес, беларускі лес пазнаю здалёку.

Мой лес, мой лёс, ласкавай зялёнай аблачынай асланяй зямлю роднай Беларусі, шумі, расказвай казкі, будзь верным сябрам усім пакаленням наступным!

1969